Жабинковский районный исполнительный комитет

Жабинковский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 80 Победных лет и восстановления страны // Региональные проекты и мероприятия

ВЕТЭРАН ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ ВАСІЛЬ ХВАЛЬКО З ЖАБІНКАЎСКАГА КРАЮ: ШЛЯХ САЛДАТА І ПРАЦОЎНАЯ ДОБЛЕСЦЬ

25/01/2025 18:00

У год, які праходзіць пад юбілейным знакам перамогі, у рэдакцыю звярнуўся сын Васіля Хвалько – аднаго з тых жабінкаўцаў, якія прайшлі крывавымі дарогамі вайны. Сённяшнія пакаленні беларусаў радуюцца мірнаму небу ды святочным салютам. Але нам нават цяжка ўявіць узровень шчасця, што зведалі ветэраны ў маі 1945-га, назіраючы, як неба расквечваюць салюты Вялікай Перамогі.

Васілю Хвалько сёлета споўнілася б сто гадоў. Васіль Мікітавіч нарадзіўся ў вёсцы Мышчыцы (сёння гэта частка Жабінкі). Ён стаў двойчы ветэранам: вайны і працы. І на ратным полі, і на працоўнай вахце, звязанай з чыгункай, жабінкавец паказваў прыклад іншым.

– Тата, як і многія ветэраны той страшнай вайны, мала расказваў пра ліхалецце, не любіў карыстацца льготамі. А я, у сваю чаргу, на жаль, не вельмі цікавіўся мінулым і толькі на сустрэчах з бацькавымі аднапалчанамі мог пачуць некаторыя звесткі, карысныя сённяшнім пакаленням, – расказвае ў сваім лісце малодшы Васіль Хвалько.

Ягоны бацька і яго тры браты былі прызваны ў Чырвоную Армію ў жніўні 1944-га. У часці было шмат землякоў – нараджэнцаў Жабінкаўскага раёна. Ішла інтэнсіўная падрыхтоўка да рашучага наступлення. Васіль Мікітавіч стаў гвардыі радавым 250-га гвардзейскага стралковага палка, які рушыў у складзе ІІІ Беларускага фронту на поўнач – ва Усходнюю Прусію. Яе абарончыя збудаванні – моцныя крыжацкія замкі і фартэцыі пазнейшых часоў – ствараліся цягам многіх стагоддзяў. Пруская сталіца Кёнігсберг, абнесеная трыма кольцамі абароны, узмоцненая шматлікімі фартамі і бастыёнамі, прыкрытая міннымі палямі і глыбокімі траншэямі, увогуле лічылася неадольнай. Аднак савецкі салдат мог стварыць цуд там, дзе бяссільнымі былі арміі іншых дзяржаў.

Першую сваю ўзнагароду – ордэн Чырвонай Зоркі – Васіль Хвалько атрымаў роўна 80 гадоў таму, 24 студзеня 1945-га. У напружаным баі нараджэнец Мышчыц быў кулямётчыкам, праявіў адвагу, неўзабаве быў паранены, але ўжо ў сакавіку пасля шпіталя вярнуўся ў строй, залічаны ў 33-ці гвардзейскі стралковы полк. А ўжо праз месяц на грудзях дваццацігадовага байца зіхацеў медаль “За адвагу”. Другую сваю ўзнагароду ён атрымаў за тое, што падчас бою выратаваў дванаццаць аднапалчан.

Вестку пра капітуляцыю Германіі Васіль Мікітавіч атрымаў у лазарэце, паколькі за пару тыдняў да тых самых пераможных салютаў зноў быў цяжка паранены. Вялізнай цаною дасталася тая перамога. Толькі ў адной Усходняй Прусіі свае галовы склалі каля 150 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў, у тым ліку камандуючы фронтам генерал арміі Іван Чарняхоўскі.

– Бацька бачыў палаючыя факелам цэлыя роты нашых танкаў Т-34, разбураны Кёнігсберг і мірных жыхароў, што беглі з белымі сцягамі па мосце з горада-крэпасці, – працягвае свой расказ сын ветэрана. – У жорсткіх баях, пры адсутнасці добрага адпачынку і ежы, гразі і павышанай вільгаці, практычна ніхто не хварэў – такім было нервовае напружанне. Быццаў Бог спрасаваў сілы і час дзеля Перамогі.

Сам Васіль Мікітавіч лічыў, што выжыў дзякуючы абразку, які павесіла сыну на шыю маці, бласлаўляючы яго ў вайсковы паход. Вярнуліся дамоў і браты Сцяпан ды Ігнат, а вось чацвёрты Мікітаў сын склаў галаву немаведама дзе на чужой зямлі.

Пасля вайны ветэран скончыў Брэсцкі чыгуначны тэхнікум. З 1950 па 1986 год ён адпрацаваў у Баранавіцкім аддзяленні Беларускай чыгункі паязным дыспетчарам. Віктар Рахманько, які на памежжы стагоддзяў узнальваў айчынную чыгунку, заўсёды лічыў Васіля Мікітавіча сваім настаўнікам у прафесіі.

Васіль Хвалько памёр у лютым 1994 года. У канцы свайго ліста, дасланага ў нашу газету, яго сын напісаў: “Баявы і працоўны шлях майго бацькі прайшлі многія яго равеснікі. Яны не лічылі гэты шлях асаблівым, не ганяліся за ветэранскімі льготамі, саромеліся выступаць перад вялікімі аўдыторыямі, выпівалі сто грамаў франтавых на свята Перамогі і не любілі фільмы пра вайну. Закалка, атрыманая ў баях, абараніла іх пакаленне ад фальшу і жадання жыць за чужы рахунак, дапамагла тым, хто выжыў, жыць сумленна. Добрай памяццю пра Васіля Мікітавіча Хвалько стала тое, што яго сын, дачка і ўнучка ў розныя часы працавалі на Беларускай чыгунцы”.

Источник: Жабінка актуальна

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки