Жабинковский районный исполнительный комитет

Жабинковский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 80 Победных лет и восстановления страны // Региональные проекты и мероприятия

ПАМЕРЦІ, КАБ НЕ ПАМЕРЛІ МЫ: ВЯРТАННЕ ПАМЯЦІ ВЕТЭРАНА МІКІТЫ ДУБІНЫ

07/04/2025 08:02

Кожны год, асабліва юбілейны, – выдатная нагода прыгадаць падзеі 1945 года і аддаць даніну павагі воінам, што здабылі Перамогу. Адным з іх стаў жыцінец Мікіта Пятровіч Дубіна (1906 – 1978). Гэта тым больш важна, што пра яго баявы шлях памятаюць пакуль толькі родныя і блізкія, для іншых ён – радавы вайны, чыё імя несправядліва забыта.

У 1999 годзе пабачыла свет кніга “Памяць” Жабінкаўскага раёна. У раздзеле “Яны вярнуліся пераможцамі” пералічваліся сотні прозвішчаў жыхароў Жабінкі і раёна, што вярнуліся жывымі з франтоў Вялікай Айчыннай вайны. Шкада, але ў гэты салідны спіс імя Мікіты Дубіны не патрапіла. Прычым, ён быў далёка не адзіным, каго не ўключылі ў тагачасную галерэю пераможцаў. Пагэтаму напярэдадні 9 мая 2002 года раённая газета “Сельская праўда” паспрабавала запоўніць недарэчны прабел і апублікавала працяг спіска, дзе былі яшчэ амаль восемдзясят прозвішчаў. Сярод іх двойчы сустракаліся Дубіны – Павел Іванавіч са Стрыганца і Цімафей Ільіч з Вялікіх Сяхновічаў.

Публікацыя выйшла пад рубрыкай “Памяць”. На жаль, Мікіта Дубіна і на гэты раз апынуўся па-за памяццю… Цяпер раёнка, ужо “Жабінка актуальна”, вяртае забытае імя.

Мікіта Пятровіч нарадзіўся на Пакровы 1906 года ў Вялікіх Сяхновічах. Дубіны жылі на хутары, будавалі хату ў Жыціні. Іх сын з дзяцінства прызвычаіўся да нялёгкай сялянскай працы, а перад вайной паехаў на заробкі ў сталіцу шахцёрскага краю Горлаўку.

Восенню 1944 года, калі прыйшло вызваленне, Мікіта Дубіна стаў байцом 45-й вынішчальна-супрацьтанкавай артылерыйскай брыгады. Ваяваў на 1-м Беларускім фронце пад кіраўніцтвам Маршала Савецкага Саюза Георгія Жукава. Фронт браў Берлін. Аднак чырвонаармеец з Жыціня не пабачыў, як сцяг Перамогі ўзвіўся над сталіцай Рэйха. Яшчэ да пачатку генеральнага штурму ён трапіў у лазарэт. Куля нямецкага снайпера ўдарыла ў грудзі. Аднак Бог і дактары дапамаглі: жыцінец застаўся жывым.

Калі пачуў у эвакуацыйным шпіталі, што скончылася вайна, не мог стрымаць слёзы. Плакаў ад радасці і ад роспачы. Радаваўся ад таго, што завершылася ліхалецце. Сумаваў ад таго, што баявыя таварышы дайшлі да перамогі, а ён ляжыць ледзь жывы, увесь у крыві, на бальнічным ложку.

Праз месяц, у чэрвені сорак пятага, Мікіта Пятровіч атрымаў медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.”. Асабліва цешыў надпіс на ўзнагародзе: “Мы перамаглі”. Ветэрана чакалі дэмабілізацыя і родны дом.

Неўзабаве Мікіта Дубіна ажаніўся на ўдаве Ганне. Яе муж загінуў на вайне. Патрэбны былі ў гаспадарцы мужчынскія рукі, неабходна было гадаваць дачку. Жылі спачатку на хутары каля Жыціня, а потым збудаваліся ў вёсцы, нарадзіўся сын Іван. Мікіта Пятровіч ўладкаваўся ў Жабінку ў пякарню, дзе рабілі духмяны хлеб, які славіўся на ўсю акругу. Смак жабінкаўскага хлеба і зараз нярэдка ўспамінаюць тыя, хто жыў тут і прыязджаў да нас у госці ў 70-я – 80-я гады мінулага стагоддзя.

Трапяткія адносіны да хлеба і працы ў сельскай гаспадарцы пераняў ад бацькі сын. Вядомы ў раёне камбайнер Іван Дубіна 55 сезонаў адпрацаваў на зямлі і дасюль лічыць бацьку-ветэрана найлепшым прыкладам у сваім жыцці. На жаль, найстарэйшы Дубіна не дажыў да пары, каб пабачыць поспехі трох унучак Ларысы, Алены і Ані. Наймалодшая – Ганна Плытнік – гаворыць:

– Дзядуля памёр 3 чэрвеня 1978 года. Я яго жывым не застала, але хочацца, каб і дачка, як займее сваіх дзяцей, перадала памяць пра роднага чалавека. Пяць гадоў таму, калі праходзіла акцыя “Беларусь памятае”, вырашыла выйсці з дзедавым партрэтам на мітынг 9 Мая. Мікіта Дубіна не меў чыноў-званняў, але таксама праліў сваю кроў дзеля перамогі. Гэта гісторыя найперш сямейная, але блізкая кожнаму беларусу, бо падзеі вайны, лічыце, закранулі кожную сям’ю. Гэта і памяць наша, і боль, і адказнасць перад тымі, хто здабыў для нас вызваленне, а затым і Вялікую Перамогу.

Источник: zhabinka.by

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки