Дайсці да варожага логава і жывым вярнуцца дамоў – галоўная мара савецкіх байцоў у апошнія дні Вялікай Айчыннай. На дарогах вайны яны гублялі баявых таварышаў, аднак упарта ішлі наперад, каб сцяг перамогі і волі залунаў над Зямлёй. На завяршальным этапе ліхалецця вызначыўся малады жабінкавец Міхаіл Фёдаравіч Мелянтовіч (1923 – 1989), уганараваны за подзвігі, здзейсненыя ў баях на берлінскім і пражскім напрамках.
У музейным пакоі сярэдняй школы №1 імя І.М. Зубачова яго партрэт займае годнае месца. Педагогі гавораць:
– Мы працуем, каб вучні як мага больш ведалі пра землякоў, якія набліжалі Вялікую Перамогу. У іх ліку быў і ўдзельнік штурму Берліна малодшы сяржант Міхаіл Мелянтовіч.
Нарадзіўся Міхаіл Фёдаравіч 10 сакавіка 1923 года ў Жабінцы. Калі родная зямля дачакалася вызвалення, у жніўні 1944 года ён быў прызваны ў армію. У якасці мінамётнага нумара 1-га дывізіёна 51-й цяжкай мінамётнай брыгады 31-й дывізіі прарыву малады баец ваяваў на 1-м Украінскім фронце пад кіраўніцтвам Маршала Савецкага Саюза Івана Конева.
Давялося змагацца на вельмі напружаным Сандамірскім напрамку, дзе гітлераўцы стварылі моцную абарону, а затым фарсіраваць рэкі Одэр і Нэйсе.
2 мая 1945 года жабінкавец атрымаў першую ўзнагароду – ордэн Чырвонай Зоркі. Ва ўзнагародным лісце сказана, што пры прарыве глыбока эшаніраванай абароны праціўніка на рацэ Нэйсе наш зямляк агнём свайго мінамёта ліквідаваў два варожыя бліндажы і ручны кулямёт з разлікам праціўніка.
Асабліва ярка ў памяці ветэрана адлюстраваліся карціны штурму Берліна. Не раз ён выступаў перад вучнямі той самай першай гарадской школы, якім распавядаў пра майскія дні сорак пятага года.
– Сваю сталіцу фашысты ператварылі ў непрыступную крэпасць, – успамінаў Міхаіл Мелянтовіч. – Куды ні глянеш – дот на доце, жалезабетонныя надоўбні, загароды з калючага дроту. Моцна разбураны горад быў зацягнуты едкім дымам пажараў. Аднак вораг упарта змагаўся. Амаль кожны дом даводзілася браць з боем.
Яго мінамёт працаваў, лічыце, без перапынку. Асабліва непрыемна было атрымаць кулю ў спіну, бо некаторыя нямецкія салдаты і афіцэры, пераапранутыя ў цывільную адзежу, раптоўна адкрывалі агонь з тылу. Такія вогненныя кропкі і даводзілася “гасіць” маладому мінамётчыку з Жабінкі.
У самым канцы красавіка стала зразумела, што вораг гатовы ўзняць белы сцяг. Салдаты вермахта групамі і па адным узнімалі рукі ўгару і выходзілі з баёў са словамі: “Гітлер капут! Алес іст крыг!”
У дзень Вялікай Перамогі, 9 мая 1945 года, на грудзях Міхаіла Мелянтовіча і яго сяброў па зброі зазіхацеў медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”.
Аднак нават пасля таго, як была падпісана капітуляцыя, іх баявы шлях не быў завершаны. Пра тое зноў згадваў ветэран:
– Прама з Берліна нас тэрмінова знялі з пазіцый і паскораным маршам накіравалі да граніцы Чэхаславакіі. Пра тое, што скончылася вайна, даведаліся ўжо ў Празе. Праз некалькі дзён адчайнага супраціўлення апошнія падраздзяленні вермахта і СС склалі зброю.
Адзнакамі подзвігу Міхаіла Фёдаравіча сталі медалі “За ўзяцце Берліна” і “За вызваленне Прагі”, уручаныя ў чэрвені пераможнага 1945 года.
А праз сорак гадоў, 6 красавіка 1985-га, да гэтых узнагарод быў далучаны і юбілейны ордэн Айчыннай вайны II ступені. Такім чынам, імя Міхаіла Мелянтовіча годна ўпрыгожвае “Галерэю пераможцаў” – землякоў, што прайшлі праз гарніла вайны і прынеслі славу роднай жабінкаўскай зямлі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з музейнага пакоя ў першай гарадской школе
Источник: zhabinka.by