Жабинковский районный исполнительный комитет

Жабинковский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 80 Победных лет и восстановления страны // Региональные проекты и мероприятия

АНДРЭЙ ТРАФІМУК — ГЕРОЙ, ЧЫЕ АДКРЫЦЦІ ВЫЗНАЧЫЛІ ПЕРАМОГУ

31/03/2025 09:04


24 сакавіка – дзень памяці нашага земляка акадэміка Андрэя Аляксеевіча Трафімука (1911 – 1999). Выдатны вучоны-практык, Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер шматлікіх высокіх узнагарод зрабіў надзвычай шмат, каб сцяг Перамогі ў маі сорак пятага года залунаў над зямлёю.

Вялікую Айчынную часам завуць “вайной матораў” – так шмат значыла ў ёй баявая тэхніка. Але ніякая грозная зброя не можа ісці ў атаку без нафты. Таму калі на Курска-Арлоўскай дузе пачалося моцнае танкавае супрацьстаянне, паліва, вырабленае з “чорнага золата”, адкрытага 32-гадовым Андрэем Трафімуком і яго аднадумцамі, сілкавала баявую тэхніку, што крушыла ворага. За гэтае адкрыццё ў пачатку 1944-га Андрэй Аляксеевіч у ліку першых геолагаў краіны Саветаў атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы і першы свой ордэн Леніна.

А пачыналася ўсё з невялічкай палескай вёскі Федзькавічы, дзе 3 (16) жніўня 1911 года з’явіўся на свет будучы акадэмік-герой. Праз чатыры гады, калі да жабінкаўскай зямлі дакацілася Першая сусветная вайна, Трафімукі падаліся ў бежанцы і апынуліся за Уралам.

У 1929 годзе Андрэй закончыў сярэднюю школу ў сталіцы Татарстана, а затым геалагічны факультэт Казанскага ўніверсітэта. Яго таленты і працавітасць заўважылі выкладчыкі. Малады вучоны пачаў спалучаць навуковыя даследаванні з практычнымі справамі. Яшчэ ў студэнцкія часы Андрэй Трафімук заняўся пошукам і асваеннем радовішчаў “чорнага золата” ў Башкірыі, дзе стаў галоўным геолагам трэста “Ішымбайнафта”. Менавіта Андрэй Аляксеевіч даказаў: гэты рэгіён здольны здзівіць свет сваімі прыроднымі багаццямі.

А яшчэ наш зямляк ведаў, што не мае права і часу на памылку.

Ішоў 1942-гі – самы напружаны год вайны, і ад таго, ці будзе знойдзена новая нафта, залежалі лёсы мільёнаў людзей, усёй краіны. Андрэй Трафімук ніколі не адчуваў такога шчасця, якое зведаў у той дзень, калі з глыбінь зямлі ўдарыў моцны нафтавы фантан. Андрэй Аляксеевіч і яго калегі цудоўна разумелі, наколькі патрэбна для перамогі “чорнае золата”. Потым было яшчэ шмат дасягненняў. Аднак першы поспех запомніўся назаўжды, адкрыўшы свету таленавітага вучонага-геолага, здольнага дакрануцца да самых патаемных нетраў Зямлі. Менавіта за гэта на грудзях вучонага-практыка зазіхацела зорка Героя. За адкрыцці, зробленыя ў ваенную пару, ён двойчы быў уганараваны Сталінскай прэміяй першай ступені.

Неўзабаве, узначаліўшы Усесаюзны нафтагазавы навукова-даследчы інстытут, Андрэй Аляксеевіч паўдзельнічаў у адкрыцці найбуйнейшых нафтавых радовішчаў у Татарстане, Украіне, іншых рэгіёнах краіны і нават за яе межамі. З 1957 года ён стаў дырэктарам Інстытута геалогіі і геафізікі Сібірскага аддзялення Акадэміі навук Савецкага Саюза, а праз год быў абраны акадэмікам АН СССР.

Сапраўдным навуковым подзвігам Андрэя Трафімука стала адкрыццё сібірскай нафты. Цяпер нават цяжка ўявіць, але яшчэ 65 гадоў таму ніхто не верыў, што ў Сібіры можа быць нафта ў прамысловых маштабах… Ніхто не верыў, а ён упэўнена сказаў: “Я перакананы: Сібір літаральна плавае на нафце!” – і ўсім скептыкам даказаў, што так яно і ёсць. Усялякія сумненні адпалі, калі ў 1960 годзе забілі першыя нафтавыя фантаны. Таму зусім нездарма наш зямляк стаў кавалерам 19 ордэнаў і медалёў. Сярод іх – шэсць (!) ордэнаў Леніна, ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі, два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Калі пабываеце ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, зможаце пабачыць дзясяткі рэчаў, лістоў, здымкаў, якія выдатны нараджэнец Федзькавічаў у чэрвені 1979 года падараваў музею. На іх паказаны не толькі афіцыйныя старонкі яго жыцця, але і якім чалавекам быў Трафімук. Летам 1994 года Андрэй Аляксеевіч атрымаў Дзяржаўную прэмію Расійскай Федэрацыі, і ўжо праз некалькі месяцаў праявіў асаблівую высакароднасць, перадаўшы больш за мільён рублёў беларускім і ўкраінскім дзецям, што пакутавалі ад чарнобыльскай аварыі.

24 сакавіка 1999 года з Новасібірска прыйшла сумная навіна: слынны навуковец пайшоў з жыцця, але пакінуў пасля сябе шматлікіх прадаўжальнікаў. Яны працягваюць працу акадэміка Трафімука, якая запатрабавана ў нашыя дні і ў будучыні.

Ужо пасля смерці Андрэй Аляксеевіч быў абвешчаны “Грамадзянінам XX стагоддзя Новасібірскай вобласці”. У Расіі яго імя атрымоўваюць вуліцы, навуковыя ўстановы і вучэбныя аўдыторыі.

Пакрысе і на малую радзіму вяртаецца памяць пра самага вядомага нараджэнца жабінкаўскай зямлі.


Источник:  zhabinka.by

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки