Жабинковский районный исполнительный комитет

Жабинковский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 80 Победных лет и восстановления страны // Региональные проекты и мероприятия

АЛЯКСАНДР ПАЎЛАВІЧ ГОГАЛЕЎ — ВОЛЖСКІ СЫН, ЯКІ ПРЫСВЯЦІЎ СЭРЦА НАШАЙ ЗЯМЛІ

24/03/2025 11:10


Ветэран вайны Аляксандр Паўлавіч Гогалеў (1909 – 1987) паходзіў з волжскіх берагоў. Аднак большая частка яго свядомага жыцця да самай апошняй хвіліны была прысвечана нашай зямлі. Тут ён ваяваў у час ліхалецця, на карысць Жабінкі ветэран працаваў, калі прыйшла перамога. Нават цяпер справы яго рук патрэбны нам, таму й згадваем з удзячнасцю заслужанага чалавека.


Аляксандр Паўлавіч нарадзіўся ў вёсцы Заплаўнае Сталінградскай (зараз – Валгаградскай) вобласці. З юных гадоў ён марыў стаць журналістам, таму паступіў у педінстытут. Вучыўся на гістфаку і працаваў у мясцовай газеце. Калі прыйшоў сорак першы год, сяржант Аляксандр Гогалеў без ваганняў апрануў салдацкі шынель і апынуўся на перадавой. Гэта быў час цяжкіх выпрабаванняў. Чырвоная Армія адступала ў глыб краіны. У адным з крывавых баёў Аляксандр Паўлавіч аказаўся ў акружэнні, паранены і кантужаны трапіў у палон. Прайшоў праз лагерныя пакуты, аднак у 1943 годзе змог вырвацца на волю.

Чырвонаму камандзіру стала вядома, што на Жабінкаўшчыне, у Старасельскім лесе, актыўна дзейнічае партызанскі атрад імя Чарнака. На той час чарнакоўцы ўвайшлі ў склад партызанскай брыгады імя І.В. Сталіна. Іх атрад падзяліўся на два. Другі атрад быў названы ў гонар Міхаіла Фрунзэ. Фрунзенцы дзейнічалі на памежжы Жабінкаўскага, Кобрынскага і Маларыцкага раёнаў. Іх камандзірам стаў асецін, лейтэнант Чырвонай Арміі Альбін Канукаў, камісарам – рускі, лейтэнант Аляксандр Гогалеў. На прадвесні 1944 года адбылася трагічная падзея: абодва кіраўнікі фрунзенцаў былі сур’ёзна паранены. Адбылося гэта не ў баі. Партызаны вывучалі ўстройства новай міны, раптоўна прагучаў выбух. Камандзір у рэшце рэшт загінуў, камісар быў камісаваны. За свой баявы шлях ветэран уганараваны медалём “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” і ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Пасля перамогі Аляксандр Паўлавіч скончыў настаўніцкі інстытут у Пінску, вёў урокі гісторыі ў Вежках, дзе тады існавала сямігадовая школа, а з 1954 года і да выхаду на пенсію настаўнічаў у Жабінцы ў СШ № 1. Цяпер яна носіць імя абаронцы Брэсцкай крэпасці Івана Зубачова. У навучальнай установе ёсць выдатны музейны пакой. Яго заснавальнікам яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя стаў Аляксандр Гогалеў. Аляксандр Паўлавіч заўжды лічыў сваім абавязкам шукаць і адкрываць імёны байцоў і партызан, што загінулі ў Вялікую Айчынную.

А сярэдзіне шасцідзясятых з ініцыятывы камісіі па ўвекавечанні, якую ўзначальваў Гогалеў, на Жабінкаўшчыне ўзніклі шматлікія абеліскі баявой славы. Да гэтай справы непасрэднае дачыненне меў ветэран вайны. Па яго ініцыятыве ў нашым горадзе ўзнікла вуліца старшага лейтэнанта Івана Фядзяя – лётчыка, які загінуў у паветраным баі 22 чэрвеня 1941 года.

Доўгія гады Аляксандр Паўлавіч падтрымліваў цесныя сувязі з былымі партызанамі і франтавікамі. Многія з іх у Жабінцы спыняліся ў доме на вуліцы Леніна, дзе жыў ветэран. Затым разам яны ішлі выступаць у школы і працоўныя калектывы.

Актыўна займаючыся пошукавай работай, Аляксандр Гогалеў разам з сябрамі ваенна-патрыятычнага гуртка адкрыў не адно забытае імя. У першую гарадскую дзесяцігодку з многіх саюзных рэспублік прыходзілі лісты са словамі ўдзячнасці Аляксандру Паўлавічу і гурткоўцам. Тады ў школе і адчыніў дзверы гісторыка-краязнаўчы музей.

Аляксандр Паўлавіч з’яўляўся вельмі актыўным няштатным карэспандэнтам раённай газеты, дзе рэгулярна друкаваў артыкулы аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, замалёўкі пра народных мсціўцаў. “Сельскай праўдзе” Аляксандр Гогалеў прапаноўваў і свае мастацкія творы, не пазбаўленыя літаратурнай вартасці. Нават цэлых 15 гадоў узначальваў літаб’яднанне “Плынь”.

Вяршыняй яго творчасці стаў раман “Ахтубінскі стэп”. Аўтар быццам вяртаўся на Волгу і ў сваю маладосць. Да канца жыцця ветэран працаваў над працягам рамана, у якім пераносіў падзеі на Брэстчыну, у нашыя мясціны. І ў асабістым жыцці, і ў сваіх творах Аляксандр Паўлавіч хацеў паяднаць волжскую і жабінкаўскую землі.

Источник:  zhabinka.by

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки