18 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усе паказчыкі, прадугледжаныя праграмай развіцця Прыпяцкага Палесся, дэталёва правераныя, рэалістычныя і ўлічваюць рэальны стан спраў. Аб гэтым заявіў Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці Міхаіл Русы на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб развіцці раёнаў Прыпяцкага Палесся,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ён нагадаў, што першая праграма развіцця Прыпяцкага Палесся, рэалізаваная ў 2010-2015 гадах, дала свае станоўчыя вынікі. Напрыклад, па Гомельскай вобласці выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў і паслуг вырасла ў 7 разоў (у 2016 годзе ў параўнанні з 2009-м), прыбытак ад рэалізацыі - у 5 разоў, рознічны тавараабарот у 7 разоў, экспарт паслуг - у два разы.

У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта была распрацавана і зацверджана наступная праграма па далейшым развіцці рэгіёнаў Прыпяцкага Палесся, разлічаная да 2030 года. Была пашырана геаграфія праграмы - за кошт дабаўлення трох раёнаў: Ганцавіцкага Брэсцкай вобласці, Лельчыцкага і Ельскага раёнаў Гомельскай вобласці. Цяпер усяго 9 раёнаў, што займаюць тэрыторыю 665 тыс. га, з якіх 420 тыс. га - меліярацыйныя землі, якія адыгрываюць важную ролю ў вытворчасці мяса, малака, жывёлагадоўлі і прамысловасці краіны.

У праграме развіцця Прыпяцкага Палесся да 2030 года першапачаткова прадугледжвалася рэалізацыя 177 мерапрыемстваў. Аднак па даручэнні Прэзідэнта яе перагледзелі і аптымізавалі. Брэсцкі і Гомельскі аблвыканкамы дэталёва вывучылі кожны рэгіён паасобку, па кожнай сферы - вытворчай, прамысловай, сельскагаспадарчай, сацыяльнай, а таксама па турызме і лясной гаспадарцы. Па кожным раёне прапрацаваны дарожныя карты. І ў выніку колькасць мерапрыемстваў, уключаных у праграму, павялічылася. Па Брэсцкай вобласці - да 259. "Гэта правільна і абгрунтавана", - упэўнены Міхаіл Русы.
Паводле яго слоў, плануецца пабудаваць па Брэсцкай вобласці 10 малочнатаварных комплексаў, прывесці ў парадак 55 жывёлагадоўчых аб'ектаў, 8 зернесушыльных комплексаў, дзве лініі па вытворчасці травяных гранул.

Сур'ёзная ўвага звернута на тое, каб у абедзвюх абласцях прывесці ў парадак меліярацыйныя землі і пасля правядзення там культуртэхнічных работ перадаць іх у сельгасабарот. Гаспадарак, гатовых іх эфектыўна асвойваць, у раёнах дастаткова. "Шырокі рэзананс праграма мае сярод бізнесу. Актыўна ўключыліся ў гэту работу фермерскія гаспадаркі. З'явіўся шэраг прапаноў", - сказаў Міхаіл Русы. На яго думку, некаторыя з іх маюць рэальны патэнцыял, каб у бліжэйшы час выйсці па эканамічных паказчыках дзейнасці на ўзровень паспяховага сельгаспрадпрыемства "Парахонскае", якое год таму наведваў кіраўнік дзяржавы і ставіў яго ў прыклад. У кожным з 9 раёнаў, уключаных у праграму, вызначаны такія базавыя гаспадаркі, якія ўзяты на кантроль і дзе ідуць сур'ёзныя зрухі.
Міхаіл Русы падкрэсліў, што ўсе паказчыкі, прадугледжаныя праграмай развіцця Прыпяцкага Палесся, дэталёва правераныя, рэалістычныя і ўлічваюць рэальны стан спраў. "Пад гэтымі лічбамі (паверце, я іх падлічыў ужо дзясяткі разоў) я гатовы закласці і галаву, і ўсё. Мы павінны атрымаць 1 млн т малака ў гэтых 9 раёнах на 2030 год, 1 млн т збожжа, забяспечыць даволі сур'ёзны прырост экспартнага патэнцыялу і выйсці на заработную плату пад Br3,3 тыс.", - сказаў ён.-0-