20 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" у гэтым годзе наведалі ўжо больш як 660 тыс. арганізаваных турыстаў,
паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па навуковай рабоце мемарыяльнага комплексу Алена Міцюкова.
Колькасць наведвальнікаў у студзені-верасні ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага года павялічылася больш як на 150 тыс. Дарэчы, за ўвесь 2024 год у Брэсцкай крэпасці пабывалі звыш 602 тыс. арганізаваных турыстаў. Работнікі мемарыяльнага комплексу правялі больш за 11,2 тыс. экскурсій.
Акрамя жыхароў розных куткоў Беларусі ўбачыць легендарную цытадэль над Бугам едуць іншаземцы. Так, за дзевяць месяцаў у Брэсцкай крэпасці пабывалі прадстаўнікі 30 краін. Акрамя грамадзян дзяржаў СНД прынялі турыстаў з Кубы, Кітая, Латвіі, Вялікабрытаніі, В'етнама, Германіі, Егіпта, Зімбабвэ, Ізраіля, Індыі, Інданезіі, Італіі, Ірана, Канады, Кеніі, Літвы, Малайзіі, ААЭ, Польшчы, Славакіі, ЗША, Танзаніі, Швецыі, Украіны.
"У складзе экскурсійных груп нас наведалі амаль 100 тыс. іншаземцаў. Іх колькасць большая, чым за такі ж перыяд мінулага года. Шырыцца і геаграфія", - звярнула ўвагу Алена Міцюкова.
У першую чаргу замежныя турысты едуць у Брэсцкую крэпасць, паколькі яна ўваходзіць у спіс найбольш папулярных славутасцей Беларусі. "Як правіла, іншаземцы нешта ўжо чулі пра нашу гісторыю, яны падрыхтаваны да паездкі. Ім хочацца ўбачыць усё гэта на свае вочы, удакладніць свае веды. Магчыма, яны ўспрымаюць гэта не так эмацыянальна, як мы, паколькі для нас гэта блізка і памятна. Але вельмі паважлівае стаўленне ў іншаземцаў, вялікі інтарэс да нашай гісторыі. Пытаюць, дзе яшчэ можна нешта пачытаць па тэме, набываюць сувеніры", - расказала намеснік дырэктара мемарыяльнага комплексу. Яна дадала, што прадстаўнікі тых краін, на тэрыторыі якіх адбываліся баявыя дзеянні, параўноўваюць, як было ў іх і ў нас: страты, умовы. Знаходзяць агульныя аспекты.
Найбольш пранізлівае ўражанне на замежных гасцей робяць умовы абароны Брэсцкай крэпасці. "Яна знаходзілася ў акружэнні, у тыле, без дапамогі, без рэзерваў, без сувязі з навакольным светам. У сітуацыі асуджанасці тым не менш людзі прадаўжалі ваяваць. Гэта заўсёды ўражвае, як і лёсы канкрэтных людзей. Таму што на тэрыторыі крэпасці знаходзіліся і цывільныя. Вядома, некаторым удавалася прарвацца і ваяваць на розных франтах, у партызанскім руху. Але менавіта ўмовы знаходжання людзей, іх пакуты і нягоды - гэтаму заўсёды суперажываюць", - рэзюмавала Алена Міцюкова.-0-