26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З 1 красавіка ў Беларусі з'явіцца базавы тарыф на мабільную сувязь - ён будзе даступны ва ўсіх аператараў краіны. Што ў яго ўваходзіць і колькі ён будзе каштаваць, расказаў начальнік упраўлення электрасувязі і рэгулявання радыёчастотнага спектра Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Корзун,
паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Падключыць базавы сацыяльны тарыф можна будзе ў любога мабільнага аператара Беларусі, паколькі яго ўвядзенне будзе абавязковым для ўсіх. У бліжэйшы час падрабязнасці з'явяцца на афіцыйных сайтах і можна будзе азнаёміцца з парадкам падключэння больш дэталёва. Скарыстацца тарыфам беларусы змогуць з 1 красавіка, а кошт будзе кантралявацца дзяржавай. Раней у Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі паведамлялася, што ён можа скласці каля Br12.
У месяц па базавым сацыяльным тарыфе абанент атрымае 200 мінут галасавога трафіка ва ўсе сеткі электрасувязі на тэрыторыі Беларусі, 2 Гб трафіка перадачы даных і 50 СМС-паведамленняў.
Паводле слоў Дзмітрыя Корзуна, для вызначэння аптымальнай колькасці даных быў праведзены аналіз паводзін абанентаў. У цэлым гэты тарыф хутчэй не для студэнтаў, а для больш стала пакалення, таму што гэтай колькасці інтэрнэт-трафіку дастаткова, каб чытаць навіны, але ўжо для прагляду відэаролікаў будзе малавата. "У будучым мы будзем аналізаваць, наколькі гэты тарыф запатрабаваны. Думаю, што недзе да 1 ліпеня мы ўжо атрымаем пэўную статыстыку і, калі будзе неабходнасць, мы, вядома, будзем уносіць змяненні", - падкрэсліў ён.
Што датычыцца фарміравання цаны, то дзяржава вызначыла парадак фарміравання і рэнтабельнасць на ўзроўні 25 працэнтаў. "Аператар можа занесці туды толькі свае абгрунтаваныя затраты. Цана будзе адэкватнай", - акцэнтаваў начальнік упраўлення.
У жніўні мінулага года быў прыняты ўказ Прэзідэнта нумар 335 "Аб аказанні паслуг сотавай рухомай электрасувязі", які вызначыў патрабаванні да якасці сувязі, да пакрыцця і ў тым ліку да фінансавага боку пытання (кожны аператар будзе траціць не мнеш як 20 працэнтаў прыбытку на развіццё сеткі).-0-