Штогод работы выхаванцаў Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі прымаюць удзел у рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”. І кожны раз паспяхова!
Сёлета на цырымонію ўзнагароджання ў сталіцу нашай краіны 27 студзеня былі запрошаны навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Чароўная саломка” Дар’я Белахвост, Мацвей Басняк, Паліна Камянчук, Ангеліна Плытнік і Марына Міхайлюк. Іх сумесная работа “Сурвэткі для каляднай вячэры” адзначана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Сувенір-падарунак”.
Дзецi стварылі гэтую залатую саламяную прыгажосць пад кіраўніцтвам таленавітага педагога Ірыны Коваль.
– Толькі патрапіць на гэтую выставу – вялікі гонар, а стаць пераможцам ці прызёрам – удвая ганаровей, – адзначыла Ірына Міхайлаўна. – Улічваючы, што ў рэспубліканскай выставе ўдзельнічала 500 работ навучэнцаў з усёй Беларусі, наша ўзнагарода – гэта высокая ацэнка юных майстроў саламяных спраў з Жабінкі.
Наталля ВАЛОШКА
Фота з архіва Ірыны КОВАЛЬ