ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

Нацагенцтва па турызме прадставіла каляндар падзейных мерапрыемстваў Беларусі на восень

04/08/2025 14:26

4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальнае агенцтва па турызме падрыхтавала каляндар падзейных мерапрыемстваў "Восень у Беларусі 2025". Аб гэтым паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт установы.

Так, у верасні гасцей запрашаюць на розныя гастранамічныя фестывалі і святы. У іх ліку "Бульбяны фэст" ва Уздзенскім раёне, "Свята клёцкі "І ў клёцках ёсць душа" ў Шаркаўшчынскім раёне, свята капусты ў Ваўкавыскім раёне, свята нацыянальных ласункаў "Макараўскія выкрунтасы" ў Бераставіцкім раёне, свята грыбніка "Поўны кошык" у Ашмянскім раёне, свята "Бульбяная маёўка" ў Навагрудскім раёне і інш. Акрамя таго, турыстам у Гомельскай вобласці прапануюць гастранамічны маршрут "Са смакам" у рамках праекта па нематэрыяльнай культурнай спадчыне "Дранікі - рудабельскі бульба-хіт".

Таксама ў афішы значацца ХХIX Міжнародны тэатральны фестываль "Белая Вежа" ў Брэсце, этнафестываль "МІР-фэст" у Карэліцкім раёне, ХХХII Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе, міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка" ў Магілёве, Дзень сярэдневяковай культуры ў Лідскім замку "Лідскія ваяры", святы рамёстваў "Слуцкія паясы" ў Слуцку, "Сустрэчы ля млына" ў Зэльвенскім раёне, рэспубліканскія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы KOPYL RACE і "Гальшанскі кірмаш".

У розных рэгіёнах запланаваны мерапрыемствы, прысвечаныя Дню народнага адзінства, святу збору ўраджаю "Багач"фестывалі арганнай музыкі. Таксама адбудуцца сёмае рэгіянальнае свята паэзіі "Вянок Аляксею Пысіну", урачыстасці ў гонар Юравіцкага абраза  Прасвятой Багародзіцы Міласэрнай, рэспубліканская ўніверсальная выстаўка-кірмаш "Палеская скарбніца" ў Мазыры і абласное свята "Арад вянчання на святой тураўскай зямлі".

У кастрычніку нагодай для падарожжаў можа стаць закрыццё рыбалоўнага сезона ў Мінскай вобласці, "Вялесава ноч" у Бярэзінскім біясферным запаведніку, сельскагаспадарчыя святы "Шчучынскі кірмаш", "Пакроўскі кірмаш". "Пакроўскія сустрэчы" арганізуюць у Полацку, "Восеньскае падарожжа" - у Стаўбцоўскім раёне. Таксама ў Мінскай вобласці пройдзе аўтапрабег па памятных мясцінах Першай сусветнай вайны.

У лістападзе акцэнт зроблены на абрадавых святах: "Дзень Параскевы Пятніцы" адзначаць у Магілёўскім раёне, абрад "Перанос Міхайлаўскай свячы" прадставяць у Барысаўскім раёне, "Ката пячы" - у Дзяржынскім раёне. Яшчэ адна знакавая падзея - праграма "На ніцях белай павуціны прывозяць восень павучкі", прымеркаваная да дня нараджэння Якуба Коласа ў сядзібах "Акінчыцы", "Альбуць" і "Смольня". "Свята лялькі" адбудзецца ў Гродзенскім раёне, свята палявання - у Лепелі, "Свята млынараў" - у Гродзенскім раёне.

Цікавую праграму на восень прадставіў гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна". Тут правядуць ваенна-гістарычныя рэканструкцыі з нагоды Дня танкістаў, Дня ракетных войскаў і артылерыі.

Каляндар падзей на восень 2025 года ў Беларусі і Мінску размешчаны на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме. Інфармацыя пастаянна дапаўняецца і актуалізуецца.-0-

 

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі