ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

Мастакі Брэсцкай вобласці на пленэры адлюструюць хараство Драгічынскага раёна і правядуць майстар-класы

25/08/2025 10:14

Мастакі Брэсцкай вобласці на пленэры адлюструюць выдатныя мясціны Драгічынскага раёна і правядуць майстар-класы для навучэнцаў школ мастацтваў. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні культуры Брэсцкага аблвыканкама. 

Абласны пленэр пачаўся 22 жніўня, прадоўжыцца ён да 29 жніўня. Да яго далучыліся 11 мастакоў з розных куткоў Брэсцкай вобласці, пераважна жывапісцы. На працягу тыдня яны будуць ствараць палотны на тэрыторыі Драгічынскага раёна, а таксама азнаёмяцца з яго культурным і прыродным багаццем, турыстычнымі магнітамі.

"Мэта пленэру - не толькі падтрымаць прафесійных мастакоў Брэстчыны, але і захаваць гісторыка-культурную спадчыну рэгіёна. Такімі аб'ектамі будуць музей народнай творчасці "Бездзежскі фартушок", капліца ў Закозелі, храмы Драгічынскага раёна, сядзібны комплекс у Перкавічах. Будзе адлюстравана і прыроднае багацце. Напрыклад, паромная пераправа ў вёсцы Белін як частка Дняпроўска-Бугскага канала", - расказалі ва ўпраўленні культуры. Мастакі змогуць захаваць у тым ліку народны строй Драгічынскага раёна.

Праграма прадугледжвае, што мастакі правядуць майстар-класы для навучэнцаў Драгічынскай і Антопальскай школ мастацтваў. А 29 жніўня каля капліцы-пахавальні роду Ажэшкаў у аграгарадку Закозель плануецца зрабіць рабочую выставу па выніках пленэру. Некаторыя палотны плануецца пазней перадаць у музеі паўднёва-заходняга рэгіёна. 

Пленэр праводзіцца пры падтрымцы Брэсцкага абласнога і Драгічынскага раённага выканкамаў, абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў". Такія творчыя выезды для мастакоў арганізуюць перыядычна, каб яны маглі паказаць на сваіх палотнах хараство і разнастайнасць раёнаў Брэстчыны.-0-

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі