ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

ЛІЦЭІСТЫ ЖАБІНКІ СУСТРЭЛІСЯ З ПАЭТЭСАЙ НАСТАССЯЙ НАРЭЙКА

23/01/2024 08:35

 

У панядзелак, 22 студзеня, жабінкаўскія ліцэісты і іх настаўнікі атрымалі сапраўдную асалоду ад спаткання з адказным сакратаром раённай газеты “Навіны Камянеччыны”, вядомай берасцейскай паэткай і проста цудоўным чалавекам Настассяй Нарэйка.

Вялі сустрэчу яе арганізатары – дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Ліцэй горада Жабінкі” Ганна Кулагіна і журналіст, гісторык, ганаровы сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Бензярук.

Аўтарка выдатнай кнігі “Магдэбургскае права маёй душы” падрабязна расказала пра сваю любоў да Маладзечна і Камянца – месцаў, якія сталі часткамі яе лёсу і невычарпальнай крыніцай натхнення.

Акрамя таго, паэтэса падзялілася запаветным – распавяла, як нараджаюцца лірычныя вобразы і паэтычныя радкі. Настасся Нарэйка заклікала юнакоў і дзяўчат шчыра палюбіць родную беларускую мову, больш чытаць і асэнсоўваць прачытанае. Яе непаўторная творчасць да глыбінь душы кранула навучэнцаў ліцэя ў Жабінцы, прымусіла суперажываць героям паэтычных і празаічных твораў, што выйшлі з-пад таленавітага пяра Настассі Нарэйка. А яшчэ было відавочна: маладыя людзі, што хутка пакінуць сцены роднага ліцэя, падчас сустрэчы з паэтам і паэзіяй вымушаны былі сур’ёзна задумацца пра лёс Радзімы і сваё месца ў нашым няпростым жыцці.

Перакананы: гэты своеасаблівы ўрок, на якім у адзінае цэлае спляліся летуценная паэзія і сапраўднае жыццё, надоўга застанецца ў памяці навучэнцаў.

Настасся Нарэйка, творчасць якой адзначана прэстыжнай літаратурнай прэміяй Брэсцкага аблвыканкама імя У.А. Калесніка, са свайго боку, выказала надзею на новыя сустрэчы ў гасцінных сценах ліцея і іншых навучальных устаноў Жабінкаўскага раёна.

Верагодна, гэтае новае спатканне ўжо не за гарамі, і будзе прыўрочана да выхаду новага паэтычнага зборніка таленавітай паэтэсы з Камянца.

Антон ЦЫМУС
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі