ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

ЯК ПРАЙШЛА “РЭПЕТЫЦЫЯ” ЭКЗАМЕНУ НА ЖАБІНКАЎШЧЫНЕ? СПЫТАЛІСЯ Ў ВУЧНЯЎ

05/02/2024 10:29

 

У суботу, 27 студзеня, выпускнікі жабінкаўскіх школ у СШ №3 падчас рэпетыцыйнага экзамену правяралі на трываласць свае веды. Як прайшла гэтая зусім не тэатральная, вельмі сур’ёзная, “рэпетыцыя”, пацікавіліся ў школьнікаў пасля іспытаў.

Кацярына КРУПКО, 11 “Б” трэцяй гарадской школы:

– Сёння выпрабоўвала сілы, выконваючы заданні па грамадазнаўстве. Гэта мой любімы прадмет. Шчаслівая ад таго, што хапіла 60 хвілін, каб выканаць усе заданні, хоць іспыт быў разлічаны на паўтары гадзіны. Усяго было 38 заданняў, яшчэ не паспела канчаткова ўсвядоміць, што ўсё скончылася, спадзяюся на добрую адзнаку. З нецярплівасцю буду чакаць вынікаў, якія з’явяцца толькі праз пару тыдняў. У любым выпадку такая трэніроўка надзвычай патрэбная, каб надалей адчуваць сябе больш упэўненай і зрабіць “работу над памылкамі”, калі такія будуць выяўлены.

Раман БАГРЫНЦАЎ, 11 “Б” клас сярэдняй школы №1:

– А мой прадмет – гэта біялогія. Яна неабходная, бо мару стаць настаўнікам фізкультуры. А без біялогіі, вядома, паступіць у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна на профільны факультэт проста немагчыма. Думаю, што здаў іспыт не менш, чым на сямёрку, можа, нават будзе восем балаў. Аднак канчатковы вынік стане вядомы пазней. Чакаю яго і спадзяюся на станоўчую адзнаку.

Ягор ЮРЧУК з 11 “А” Жабінкаўскай СШ №3:

– Захапляюся замежнымі мовамі, прынамсі, англійскай. Яе і здаваў сёння. Гэты прадмет мне вельмі патрэбны для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову, таму і ўдзельнічаў у рэпетыцыйным экзамене менавіта па англійскай мове. Было сорак заданняў і патрабаванне выканаць іх за дзве гадзіны, а мне спатрэбілася часу ў два разы менш. Калі сумленна: з аднаго боку, было няпроста, а з другога – нескладана. Мо таму, што наведваю факультатыў, які вядзе наша настаўніца Алена Нагар, ды і сам займаюся замежнай мовай у вольны час.

Паліна АНДРАСЮК, ліцэістка, навучэнка 11 “А” класа:

– Я здавала гісторыю Беларусі. Чаму? Найперш, мне сам прадмет вельмі падабаецца, таму ёсць жаданне паступаць на гістфак Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. Мяне горад Гродна ўжо загадзя вабіць – у ім усё дыхае мінулым. Лічу, толькі там, “над Нёмнам срэбраводным”, нараджаюцца сапраўдныя гісторыкі. Акрамя падручнікаў, рыхтавалася і па дапаможнай літаратуры. Больш за ўсё прываблівае перыяд ранняй беларускай гісторыі – часы Полацкага княства і ВКЛ. Спадзяюся, што адзнака за мае веды будзе восем ці дзевяць, але ўсё стане вядомым крышку пазней. У любым выпадку такая рэпетыцыя перад асноўнымі экзаменамі вельмі патрэбная.

Юлія МАРЧУК, вучаніца выпускнога класа Крыўлянскай СШ:

– Я займаюся ў агракласе, зараз здавала хімію. Гэта адзін з самых працяглых экзаменаў, які павінен цягнуцца ажно 2,5 гадзіны, а я справілася на паўгадзіны раней. Хімія – прадмет няпросты, але з такой настаўніцай, як Марыя Віктараўна Кульгаўчук, многае становіцца зразумелым, лёгкім і цікавым. Збіраюся падаваць дакументы ў Беларускі медыцынскі ўніверсітэт, а без хіміі, самі разумееце, там няма чаго рабіць. Буду яшчэ больш рыхтавацца, каб сёлета стаць не толькі выпускніцай школы, але і студэнткай ВНУ.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і Кацярыны ЯКУБЁНАК

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі