ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

ГОРАД-СПАДАРОЖНIК. У РЫТМЕ ЧЫГУНКI ГРУКАЕ СЭРЦА ЖАБIНКI

27/01/2024 16:42

 

У апісанні герба горада Жабінкі занатавана: “Відарысы кветак жабніка азначаюць імя рэчкі Жабінка, ад якой пазней атрымаў назву населены пункт. Колькасць кветак сведчыць аб трох Жабінках – фальварку (хутары), пасёлку і чыгуначнай станцыі, што першапачаткова ўзніклі на гэтай зямлі”. Вельмі многія маюць уяўленне пра горад-спадарожнік выключна “праз акенца”, калі іх цягнік спыняецца на станцыі ці хутка пралятае міма. А вось каб падарожніку захацелася сысці ў Жабінцы і паглядзець, якім самабытным жыццём жыве невялічкі ўтульны горад у сутоцы Мухаўца і рэчкі Жабінкі, запрашаем уважлівей зірнуць на мінулы і сённяшні дзень станцыі, якая даўно стала візітоўкай гэтага краю.

На Купіне – “па меркаванні меншасці”

У пісьмовых крыніцах пад 1567 годам згадваецца маёнтак Купіна. У ХІХ стагоддзі на тым месцы, дзе ён стаяў, узнікла чыгуначная станцыя № 80 Жабінка. Так здарылася па волі самога імператара Аляксандра ІІ.

Ішоў 1868 год, у Санкт-Пецярбурзе вырашалася пытанне, якім шляхам рухаць чыгунку. Большасць выказвалася за напрамак Пінск – Брэст, меншасць галасавала за дарогу Мінск – Брэст. Аднак цар, за якім заставалася апошняе слова, пакінуў на паперы візу: “Выканаць па меркаванні меншасці! Аляксандр”. Гэтак “па меркаванні меншасці” вырашыўся лёс многіх беларускіх паселішчаў.

Аднак, калі рэйкі дацягнуліся да фальварка Жабінка, узнікла праблема: заўпарціўся тутэйшы памешчык Адольф Трэмбіцкі, які не дазволіў будаваць станцыю на сваіх землях, таму будынак паўстаў на сялянскіх землях. Станцыя апынуліся ў Збіражскай воласці, а хутар застаўся ў Сяхновіцкай. З гэтага часу ўладанне Трэмбіцкіх сталі зваць Малой Жабінкай (або Жабіначкай), а землі на былой Купіне – Жабінкай.

У аўторак 16 (28) лістапада 1871 года распачаўся рух па чыгунцы і ўпершыню на станцыі Жабінка спыніўся цягнік. Праз восем гадоў была адчынена другая каляіна пуці. А восенню 1882-га станцыя стала цэнтрам яшчэ і Палескіх чыгунак з накірункам на Пінск. Хутка навокал пачаў расці пасёлак, які засялялі прадпрымальныя сяляне і мяшчане, што ўцямілі, якую вялізную карысць можа прынесці “жалезны гасцінец”. Неўзабаве ў Жабінцы запрацавалі чыгуначнае дэпо, гасцініца, шэсць крам ды тры карчмы. Былі пабудаваны паштовае аддзяленне, нафтавы склад для продажу газы, каменны паравы млын, а ў хуткасці яшчэ і сукнавальня з лесапільняй, узніклі 45 двароў, дзе жылі 332 чалавекі. Бесперабойную дзейнасць чыгункі забяспечвалі звыш 60 інжынераў, рабочых і служачых. З гэтага моманту пачалося бурлівае эканамічнае развіццё Жабінкі.

Адным словам, рух пайшоў!

Розныя стрэлкі на гадзінніку

Жабінкаўцы жылі быццам у розных вымярэннях. Чыгуначнікі карысталіся сталічным, піцерскім, часам, паколькі расклад руху цягнікоў па станцыі Жабінка, як і паўсюдна ў імперыі, складаўся згодна з часам, прынятым у Санкт-Пецярбургу. Тым больш, што нават кіраўніцтва Маскоўска-Брэсцкай і Жабінска-Пінскай чыгунак месцілася ў горадзе на Няве.

Астатняе насельніцтва мястэчка Жабінка, найперш сяляне і рамеснікі, непасрэдна не звязаныя з чыгункай, часцей арыентаваліся на мясцовы, берасцейскі, час. Хада гадзіннікаў у розных мясцінах імперыі адрознівалася, прычым даволі істотна. Так, калі ў сталіцы наступаў поўдзень, у Варшаве (якая таксама знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі) было толькі 11 гадзін і 22 хвіліны, у Брэст-Літоўску, адпаведна, – 11.33, а ў Маскве – 12 гадзін 29 хвілін.

Аднак большасць тагачасных жабінкаўцаў увогуле амаль не зважалі на час, што вымяраўся механічнымі хранометрамі. Бо жылі, як ад дзядоў спрадвеку павялося, “па сонейку”, якое было для іх важней за самыя мудрагелістыя ходзікі і куранты.

І ўсё ж чыгунка працягвала прыносіць змены ў палескі край. Да сотых угодкаў вайны 1812 года станцыю перайменавалі ў Жабінку-Аляксандраўскую (у гонар Аляксандра І, пераможцы Напалеона). Тут запрацавалі тэлеграф, электрастанцыя, ветракі, царква, капліца і сінагога. Дарэчы, дзякуючы яўрэйскаму насельніцтву ў 1903 годзе Жабінка стала мястэчкам.

Аднак гадзіннік развіцця краю моцна парушылі і нават спынілі дзве сусветныя вайны. Найбольшае пабурэнне станцыя Жабінка перажыла у 1915-1919 гадах. Сённяшні будынак паўстаў за так званым “польскім часам”.

Трагічная раніца 22 чэрвеня 1941 года распачалася ў Жабінцы з трывожнага гудка: адзінокі паравоз, што стаяў на станцыі, абудзіў пасёлак. Вестку пра пачатак вайны тут атрымалі а пятай гадзіне з Брэста па каналах чыгуначнай сувязі. Жабінкаўскія чыгуначнікі цаной уласных жыццяў здолелі адправіць увесь рухомы састаў са станцыі ў накірунку Баранавічаў і Пінска. А калі праз тры гады прыйшло вызваленне, хапіла ўсяго дзесяці дзён, каб зноў па станцыі Жабінка прайшоў першы цягнік.

Неаднойчы першыя

Першы цягнік… Гэта яшчэ не раз паўтаралася. Напрыклад, у 1983-м на станцыі Жабінка пасля завяршэння электрафікацыі лініі Баранавічы – Брэст спыняўся першы электрапоезд. А 19 лістапада 2011 года тут вельмі ўрачыста сустракалі самы першы хуткасны цягнік №№ 817/818 фірмы “Штадлер”. Да слова, жабінкаўцы зноў віталі, так бы мовіць, цягнік будучыні, як і 140 гадоў раней, калі распачаўся рух па станцыі Жабінка.

Калі на памежжы ХІХ і ХХ стагоддзяў праз Жабінку штодзённа рухаліся толькі сем пасажырскіх і паштовых цягнікоў, дык сёння сваімі гудкамі станцыю вітаюць 22 пары пасажырскіх цягнікоў розных зносін. А яшчэ безліч “таварнякоў”, якія працавіта вязуць розныя карысныя рэчы міма прыгожага вакзала.

Пра сённяшні дзень станцыі падрабязней расказала яе начальнік Ірына Мікіцюк (дарэчы, першая ў гісторыі станцыі жанчына-кіраўнік):

– На Беларускай магістралі існуе прэмія імя машыніста Уладзіміра Яцкевіча. Ёй адзначаюць аддзяленні, прадпрыемствы і работнікаў, якія дасягнулі лепшых вынікаў у сферы бяспекі руху цягнікоў. У 2021 годзе наш калектыў за паспяховую безаварыйную працу пры высокай дысцыпліне стаў лаўрэатам гэтай прэстыжнай прэміі. А ў 2022-м па выніку працы мы занялі першае месца ў галіновым спаборніцтве сярод чыгуначных станцый 2 класа.

І вось, нарэшце, у ліпені 2023 года станцыі Жабінка быў прысвоены 1 клас.

…Наш імклівы век ужо нельга ўявіць без чыгункі, гэтай нястомнай працаўніцы. Дзень-ноч бягуць цягнікі. Толькі на хвіліны прыпыняюцца яны ля перонаў, каб зноў ляцець, звінець па рэйках. І калі прыслухацца, міжволі ў гэтым звоне чуецца:

Жабінка, Жабінка, мілы гарадок,
Тут канец і тут пачатак усіх маіх дарог.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі