Паміж 1996 і 2013 гадамі Федзькавічы (раней яшчэ пісалі: Федкавічы ці Хведкавічы) былі самай наведваемай вёскай Жабінкаўскага раёна. І гэта нездарма: воляй-няволяй штодня тут спыняліся тысячы беларусаў і іншаземцаў. Не, гасцей мала цікавілі тутэйшыя краявіды ці вершы паэта Васіля Гадулькі. Усё было значна празаічней: у Федзькавічах знаходзіліся… “Федзькавічы” – пункт збору аплаты за праезд па аўтамагістралі М1. Таму вадзіцелі спяшаліся да акенцаў, у якіх сядзелі інспектары, каб заплаціць за права далей імкліва рухацца па “беларускім экватары”…
Аднак у нас няма патрэбы спяшацца. Мы завіталі ў Федзькавічы, каб пазнаёміцца з мінулым вёскі, вядомай з 3 ліпеня 1577 года, яе знакамітымі нараджэнцамі і пабачыць, чым жыве вёска ў сучаснасці.
Дарога мае сваю гісторыю
Усё мае мінулае: і чалавек, і дзяржава, і нават дарога. Ужо 180 гадоў “беларускі экватар” падзяляе Федзькавічы на паўночную (меншую) і паўднёвую (большую) часткі. Колькі колаў па ёй прайшло з 1 (13) студзеня 1846 года, калі афіцыйна адкрыўся рух па Маскоўска-Варшаўскай шашы – сённяшняй М1!
Адметным днём стала таксама 5 (18) мая 1909 года, калі браты Гішэсы атрымалі дазвол адкрыць аўтамабільны рух з Камянца да станцыі Жабінка і далей на Брэст. Гэта цяпер федзькаўцаў не здзівіш рознымі аўто, а тады, 115 гадоў назад, на іх вачах адбываўся сапраўдны цуд, які праносіўся па вёсцы з шалёнай хуткасцю – ажно ў 25 вёрст за гадзіну! Вядома, новае і добрае лёгка прыжываецца, і вось ужо ў кастрычніку таго самага 1909 года вёска на шашы стала канцавым пунктам маршруту Янаў-Падляскі (не блытаць з Янавам-Палескім!) – Федзькавічы. Усё гэта несла станоўчыя перамены ў палескі край.
Аднак, на жаль, госці прыходзілі сюды не толькі з адкрытымі сэрцамі і добрымі намерамі. Летам 1915 года, а затым у агнявым сорак першым Федзькавічы сталі сведкам наступленняў германскіх войскаў, якія неслі ў край пабурэнні і пагібель.
“І мяне б таксама сёння не было”
Паэт Васіль Гадулька згадваў у вершы:
Я пасляваенны, толькі ў сорак шостым
Золкам адраджэння я пабачыў свет.
Ды вайна наводзіць кожнага на роздум,
Ў памяці нашчадкаў свой друкуе след.
А далей Васіль Уладзіміравіч распавёў пачутае ад маці, як ледзь не знішчылі Федзькавічы. Ужо кулямёт быў напагатове, каб пасекчы каля школы вяскоўцаў, аднак раптам на машыне пад’ехаў афіцэр і “загадаў чамусьці адпусціць людзей”. Гэтак нечакана
Цудам уцалела роднае сяло.
Уцалела маці, а калі б забілі –
І мяне б таксама сёння не было.
Вось і разважаю, ці я маю права,
Я, пасляваенны, пра вайну забыць?
Гадулька мала зведаў шчасця пры жыцці, сапраўднае прызнанне займеў толькі пасля смерці, калі ў 2004 годзе нарэшце свет пабачыла яго першая, на жаль, пасмяротная кніга “Голас”. На той час самотны паэт ужо 10 год ціха спачываў у роднай федзькавіцкай зямлі…
Зорка першай велічыні
Тры дні таму мы адзначалі Дзень навукі. Яе сапраўдны волат, зорка першай велічыні таксама паходзіць з Федзькавічаў. Імя Андрэя Аляксеевіча Трафімука шырока вядома ў свеце. Уражвае нават кароткі пералік яго заслуг.
Андрэй Трафімук – доктар геолага-мінералігічных навук, акадэмік, прафесар, Герой Сацыялістычнай Працы, які на практыцы даказаў прароцтва ўласных слоў: “Сібір плавае на нафце!” – калі адкрыў шматлікія радовішчы “чорнага золата”. Наш зямляк кавалер шасці ордэнаў Леніна (для параўнання: столькі ж меў маршал Жукаў і пісьменнік Шолахаў!). У яго скарбонцы – ордэны Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “За заслугі перад Айчынай”.
Акрамя таго, Андрэя Аляксеевіча прызнавалі заслужаным дзеячам навукі і тэхнікі РСФСР, заслужаным дзеячам навукі Якуцкай, Башкірскай, Бурацкай аўтаномных рэспублік. Ён шмат разоў ганаровы: нафтавік Міннафтапрама СССР, разведчык недраў, работнік газавай прамысловасці Савецкага Саюза, акадэмік Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук, член Расійскай экалагічнай акадэміі, а яшчэ – ганаровы грамадзянін горада Новасібірска і (пасмяротна) “Грамадзянін ХХ стагоддзя Новасібірскай вобласці”. Двойчы нараджэнец Федзькавічаў станавіўся лаўрэатам Сталінскіх прэмій, Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі, прэміі імя А.П. Карпінскага. Імя Андрэя Трафімука носіць інстытут геалогіі, геафізікі і мінералогіі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук. І гэта далёка-далёка не ўсё…
Верым: прыйдзе час, калі зорнае Трафімукова імя ярка заззяе і на малой радзіме.
Прыйдзіце ў мой дзівосны сад
Сённяшні дзень і будучыню Федзькавічаў немагчыма ўявіць без “ЯКВІЛа”. Назва ўтрымлівае прозвішча і імёны ўласнікаў фермерскай гаспадаркі – Якаўчукоў Віктара і Людмілы. Кірмаш – не кірмаш без прадукцыі “ЯКВІЛа”! Віктар Іванавіч – нараджэнец Федзькавіч, самааддана ўлюбёны ў гэтую зямлю, шмат робіць, каб яна стала дзівосным садам. Абароты ў гаспадарцы сапраўды прамысловыя, прычым сакавітыя яблыкі, грушы, ягады з “ЯКВІЛа” ведаюць і любяць далёка ад роднага парога. І пры гэтым фермеры моцна сябруюць з навукай. Нездарма вясной 2022 года, калі цвілі сады, у гаспадарцы сабралася больш за 130 аграномаў-садаводаў з усёй Беларусі, каб падзяліцца вопытам і вопыт атрымаць. Былі тут і прадстаўнікі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама, інстытута аховы раслін, асацыяцыі “Белсадгадавальнік”, абласной інспекцыі аховы раслін, кіраўніцтва кампаніі “Сінгента”. Не, зусім нездарма так шмат узнагарод у федзькавіцкіх працаўнікоў. Іх прызнавалі лепшымі прадпрымальнікамі Брэсцкай вобласці. Яны святкавалі перамагу ў конкурсе Акадэміі навук “Крыштальны яблык”, выступалі з выдатнымі праектамі ў малым бізнесе. Але галоўная ўзнагарода – ад людзей, якім мясцовыя садаводы і сярод лютай зімы дораць водар салодкага лета.
…А мы, між тым, рухаемся далей – у аграгарадок Ленінскі, самы малады і самы вялікі сельскі населены пункт раёна, дзе заўжды і людзей, і падзей багата.
Паласу падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара