ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

ЗНАЁМІМСЯ З ВЁСКАЙ ПЯТРОВІЧЫ Ў РАМКАХ ПРАЕКТА СП «ВЁСАЧКА, ЖЫВІ!»

21/01/2024 14:47

 

Сярод шматлікіх дарог, якія стужкамі аперазалі нашу краіну, шаша Брэст – Мінск – расійская мяжа значыцца пад нумарам адзін і здаўна лічыцца “беларускім экватарам”.

Лічыце, у пачатку свайго доўгага шляху па маляўнічай Сінявокай краіне магістраль амаль напалову падзяляе Жабінкаўскі раён на паўночную і паўдзённую часткі.

Сёння пачынаецца наша падарожжа па вёсках раёна, і першы прыпынак – менавіта на “беларускім экватары”, у старадаўніх Пятровічах.

“Пятровіцкая дзяўчынка” і Палескі Напалеон

Зручнае тут месца. Людзі каля Пятровічаў жылі здаўна. Нават калі Пятровічаў яшчэ не было…

Гэта даказалі археолагі, якія адшукалі ва ўрочышчы Белая Гара больш за 70 магіл ваяўнічага народа готаў – тых, што некалі перамаглі нават Рымскую імперыю. Дзвесце гадоў готы жылі ў месцах, дзе цяпер стаяць Брэст і Пятровічы. І не толькі ваявалі, але і мірна кантактавалі са славянамі. Нездарма вучоныя-лінгвісты лічаць, што такія звыклыя словы, як “хлеб”, “хата”, “хлеў”, прыйшлі ў нашу мову з гоцкай. Але ж мы “знаходзілі” не толькі словы, але і рэчы. Археалагічныя артэфакты, адшуканыя ў 2001–2011 гадах у бескурганным могільніку ІІІ стагоддзя ў Пятровічах, склалі цэлую калекцыю, і цяпер яе разам з рэканструяваным касцюмам шасцігадовай дзяўчынкі з племені готаў можна пабачыць у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі.

А вось першая пісьмовая згадка пра Пятровічы, з якіх у войска Вялікага Княства Літоўскага выпраўляліся два вершнікі, адносіцца да 23 верасня 1567 года.

Моцныя змены ў жыццё вёскі прынёс 1846 год, калі побач прайшла шаша Масква – Варшава (альбо па-простаму “Варшаўка” ) – сённяшняя М1 (той самы “беларускі экватар”, пра які ішла гаворка).

Дарогай карысталіся вельмі многія знакамітыя асобы, у тым ліку і вядомы мастак Напалеон Орда, які двойчы ў 1870 годзе занатаваў сваім таленавітым пэндзлем пятровіцкія краявіды. Орду часам завуць Палескім Напалеонам, каб не блытаць з вялікім імператарам. У грозным дванаццатым годзе магутныя пятровіцкія дубы бачылі напалеонаўскую армію, хоць сам Банапарт паблізу Пятровічаў ніколі не бываў. А вось яго сапернік, расійскі самадзержац Аляксандр І, крыху пазней гэты край аглядаў і нават застаўся задаволеным.

Па экалагічнай сцяжыне да аленяў-кветак

Гэтак і зараз задаволены кожны, хто пабывае “У гасцях у Пятровіча”. Так называецца экалагічная сцежка ў Пятровічах, якая запрацавала з 2020 года.

На ёй дзесяць уладкаваных прыпынкаў. На працягу амаль двух кіламетраў наведвальнік зможа “павітацца” з “Духамі прыроды”, пабываць на сенсарнай пляцоўцы, пабачыць лясны ставок, пазнаёміцца з лясной школай, ляснымі жывёламі, птушкамі і раслінамі, дакрануцца да Пятровіцкага дуба чарэшчатага, які ў маі 1996 года абвешчаны біялагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.

Вось так: зірнеш на 500-гадовага волата і міжволі адчуеш усю моц і прыгажосць роднай прыроды. Дуб, вядома, маладзейшы за “Пятровіцкую дзяўчынку”, аднак даўно ўжо жыў на гэтай зямлі, калі сюды прыязджаў мастак Напалеон і рухаліся напалеонаўскія войскі!

Асаблівае замілаванне ў дарослых і дзяцей выклікаюць плямістыя алені, якія гадуюцца ў Пятровіцкім лясніцтве.

– Ідэя мець сваіх аленяў нарадзіліся ў 2002 годзе, – расказвае намеснік лесніка Надзея Абашкіна, якая з любасцю корміць аленяня. – Зараз мы маем 11 аленяў-кветак (гэтак – хуа-лу – вобразна клічуць гэтых прыгожых і вытанчыных жывёлін у Кітаі), з іх два самцы, астатнія “дзяўчынкі” ды іх ласкавыя дзеткі. Ёсць у нас і яшчэ адзін выдатны помнік прыроды – сасна Веймутава, акрамя таго, Пятровіцкаму лясніцтву належыць практычна палова тэрыторыі біялагічнага заказніка мясцовага значэння “Непакойчыцы”. Мабыць таму на базе нашага лясніцтва колькі гадоў назад праводзіўся абласны этап рэспубліканскага спаборніцтва “Юны лесавод”, у якім вельмі ўдала выступілі ракітніцкія школьнікі.

Так, Пятровічы і наваколлі – сапраўдны прыродны рай, дзе дыхаецца і думаецца лёгка, дзе спрадвеку нараджаюцца паэты.

Куток паэтаў

І гэта зусім невыпадкова. У 1892 годзе менавіта Пятровічы сталі месцам, скуль прыйшоў у вялікі свет першы па часе паэт Жабінкаўшчыны Альбін Дзяконскі. Сюды штогод на 22 чэрвеня – дзень пачатку вайны – вяртаўся рускі паэт Раман Левін, чыя сям’я была знішчана карнікамі ў Пятровічах.

Акрамя таго, у блізкіх вёсках Ракітніцкага сельсавета (таму яго ў поўнай меры можна назваць кутком паэтаў) нарадзіліся паэты Расціслаў Бензярук і Васіль Гадулька. На малую радзіму аднаго з іх – у Федзькавічы – мы рухаемся далей. І пры гэтым паўтараем паэтавы словы:

І ў нястачы – памятай:
не бяднейшы родны край
ад чужых амерык.

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі