ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

МІКАЛАЙ АЛЕШКА: «МОЙ ШЛЯХ ПА ЖЫЦЦІ – ДЫСТАНЦЫЯ ПУЦІ»

05/01/2024 09:58

 “Нават не ўяўляю ўласны лёс без роднай Жабінкаўскай дыстанцыі пуці”, – прызнаецца Мікалай Алешка. Для Мікалая Сяргеевіча яна раз і назаўсёды больш за дваццаць гадоў таму стала першым і адзіным месцам працы.

“І па голасу пазнае Міколка кожны паравоз, ці то таварны, ці то пасажырскі”. А вы пазнаяце радкі, вядомыя з дзяцінства, з аповесці аб прыгодах хлопчыка Міколкі-паравоза? Некалі ў школе і Мікалай Алешка з захапленнем чытаў цікавую кніжку Міхася Лынькова. А як скончыў Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту, Мікалай Сяргеевіч сам уліўся ў славутую кагорту пуцевікоў. Да слова, у яго сям’і да чыгункі мелі непасрэднае дачыненне два Аляксандры – дзядзька і старэйшы брат. Аднак найбольшага прафесійнага росту за два дзясяткі гадоў дасягнуў менавіта ён, намеснік начальніка – галоўны інжынер Жабінкаўскай дыстанцыі пуці (ПЧ-5) Мікалай Алешка.

Нягледзячы на складанасці і адказнасць, з якімі звязана праца, ён надзвычай любіць справу, якой займаецца. Мікалай Сяргеевіч ведае ва ўсіх падрабянасцях, чым штодня займаюцца пуцевікі (нездарма ён прайшоў усе прафесійныя прыступкі, пачынаючы ад манцёра пуці і да пасады намесніка начальніка дыстанцыі). Прычым, увесь час не спыняўся папаўняць багаж патрэбных ведаў. Дзеля гэтага скончыў у Мінску Беларускі тэхнічны ўніверсітэт.

Кола абавязкаў у намесніка начальніка – галоўнага інжынера ПЧ-5 вельмі шырокае, маштаб іх уражвае. І гэта невыпадкова, бо Жабінкаўская дыстанцыя пуці – адна з буйнейшых у Беларускай чыгунцы.

Свае абавязкі Мікалай Алешка акрэслівае так:

– Перш-наперш, мне даводзіцца курыраваць дзейнасць вытворча-тэхнічнага аддзела, сферу аховы працы і літаральна ўсё, што звязана са спецыяльным самаходным саставам, сродкамі механізацыі ды дзейнасцю маставых цэхаў, што абслугоўваюць штучныя збудаванні на працяглых участках ад Жабінкі да станцыі Лясной Баранавіцкага раёна і ад нашага горада-спадарожніка да Лунінца. Нават на карце гэта ўнушальныя адлегласці, нездарма нашы пуцевікі абслугоўваюць ажно дзесяць раёнаў Брэстчыны.

Пры такой вялікай занятасці на асноўнай працы Мікалай Сяргеевіч, будучы намеснікам старшыні прафкама, паспявае яшчэ і актыўна займацца дзейнасцю прафесійнага саюза. За тое наш суразмоўца адзначаны медалём Беларускага прафсаюза чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў “За заслугі”.

Вядома, не абмінаюць Мікалая Алешку і прафесійныя ўзнагароды. Надзвычай высокім прызнаннем яго заслуг стала падзяка, абвешчаная начальнікам Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі. А ў мінулым годзе імя руплівага працаўніка ўпрыгожыла Дошку гонару Жабінкаўскага раёна.

Анатоль БЕНЗЯРУК

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі