ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

ЛІТСУСТРЭЧА З ПІСЬМЕННІКАМ АНАТОЛЕМ БЕНЗЕРУКОМ У ЖАБІНКАЎСКАЙ БІБЛІЯТЭЦЫ

18/01/2024 12:14

 

18 студзеня ў Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася літаратурная сустрэча-аўтограф, прымеркаваная да 55-годдзя пісьменніка, гісторыка і журналіста Анатоля Бензерука.

У коле аднадумцаў, родных, блізкіх і сяброў, калег па пяры, па журналісцкай дзейнасці Анатоль Расціслававіч распавёў пра сваё дзяцінства, юнацтва, гады вучобы ў школе і ва ўніверсітэтах: Гродзенскім, дзе ён атрымаў спецыяльнасць гісторыка, і Беларускім дзяржаўным, дзе займеў дыплом журналіста.

– Якая з трох іпастасяў вам бліжэй? – пацікавілася вядучая мерапрыемства бібліятэкар Марыя Пратасюк.

– Усе тры для мяне дарагія, – адказаў Анатоль Бензярук. – А ў залежнасці ад абставін на першае месца выходзіць то гісторык, то пісьменнік, то журналіст.

Падчас сустрэчы юбіляр, аўтар шматлікіх кніг і праектаў, прымаў віншаванні ад старшыні Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяны Дземідовіч, сябра-пісьменніка Анатоля Брытуна, фатографа Аляксея Ганчука, барда Аляксандра Рыб’якова, педагога дзіцячай школы мастацтваў Юліі Мендэль, калег з “Сельскай праўды”, у якой Анатоль Расціслававіч рупіцца ўжо 15 гадоў.

Сагрэла сэрцы ўсіх прысутных і гісторыя знаёмства ды кахання, якой падзялілася з прысутнымі верная спадарожніца галоўнага героя сустрэчы – жонка Алена Бензярук.

У цёплай, амаль сямейнай абстаноўцы ў адрас юбіляра прагучалі пажаданні моцнага здароўя, творчых поспехаў, новых пошукаў, натхнення, прызнання і кахання.

Урачыстым момантам мерапрыемства стала ўручэнне Анатолю Расціслававічу Ганаровай граматы Саюза пісьменнікаў Беларусі, падпісанай старшынёй рэспубліканскай творчай арганізацыі Алесем Карлюкевічам. Гэтую пачэсную місію выканала Таццяна Дземідовіч.

Таленавітая нястомная рука Анатоля Бензерука стварае нататкі, нарысы, цэлыя праекты, падтрыманыя Міністэрствам інфармацыі нашай краіны, і, вядома ж, кнігі. Няхай жа не мялее рака натхнення творцы і будзе яму наканаваны доўгі і шчаслівы лёс!

Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара і Наталлі КАЎПАНЬКА

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі