ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

ІРЫНА КОВАЛЬ З ЖАБІНКІ САЛОМКАЙ ЗДЗІЎЛЯЛА РАСІЯН

04/02/2024 16:34

 

На Міжнароднай выставе-форуме “Расія”, што ладзілася на пляцоўках ВДНГ у Маскве, да 29 студзеня праходзілі Дні Брэсцкай вобласці. Нашы землякі знаёмілі наведвальнікаў з эканамічным, культурным і турыстычным патэнцыялам Берасцейшчыны, з нашымі нацыянальнымі традыцыямі.

Адна з тых, хто атрымаў ганаровае права прадстаўляць на выставе першы рэгіён, – жыхарка Жабінкі, народны майстар Беларусі па саломапляценні Ірына Коваль.

Ірына Міхайлаўна – педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі, кіраўнік студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Чароўная саломка” раённай клубнай сістэмы. Паверце, за 20 гадоў працоўнай дзейнасці Ірыне Коваль шмат дзе давялося пабываць разам са сваімі выхаванцамі і работамі. Аднак пасля вяртання з Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве наша гераіня вымушана прызнаць: гэта самае маштабнае мерапрыемства, у якім ёй пашчасціла паўдзельнічаць.

Разам з педагогам Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ільёй Учаевым Ірына Коваль прадстаўляла наш раён у першы тыдзень працы міжнароднай выставы. Разам з жабінкаўцамі на адкрыццё форуму патрапілі янаўцы і каменчукі.

– Хвалюючай і запамінальнай стала афіцыйная цырымонія адкрыцця выставы з удзелам старшыні Брэсцкага аблвыканкама Юрыя Шулейкі і прадстаўнікоў раённых улад, – згадвае народны майстар. – Выступленне Юрыя Вітольдавіча пра дасягненні Брэстчыны выклікала гонар за ўсю нашу Радзіму. У далейшым Беларусь прадставяць іншыя вобласці, але менавіта Брэсцкай як першаму рэгіёну краіны і сёлетняй юбілярцы выпала ганаровае права адкрываць міжнародны форум. П

Беларуская саломка паланіла расіянЗ

Сярод гасцей ВДНГ былі і кіраўнікі расійскіх рэгіёнаў, прадстаўнікі культуры, чые жыццё і творчасць так ці інакш звязаны з Беларуссю. Напрыклад, народныя артысты Расійскай Федэрацыі Леанід Якубовіч і Ігар Угольнікаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Гедымінас Таранда.

Запомнілася Ірыне Коваль і выступленне Героя Расіі, Генеральнага дырэктара Асамблеі народаў Расійскай Федэрацыі, нараджэнца Брэсцкай вобласці Аляксандра Дарковіча.

Пасля яркага, шыкоўнага канцэрта госці форуму пазнаёміліся з расійскімі і беларускімі экспазіцыямі.

– Прыемна, што да нашай пляцоўкі “Першы рэгіён” была вялікая цікавасць. Усіх запрашала “Беларуская хатка” з мотальскімі прысмакамі, вабіла вока экспазіцыя з нашымі чароўнымі саламянымі вырабамі, жаданні ўсіх гасцей выконваў Дзед Мароз з Белавежскай пушчы, радавалі сваімі выступленнямі творчыя калектывы з Камянца ды Іванава. Гасцей вітала ткачыха з Моталя і іванаўскі бондар.

Удзельнікам неабходна было прадэманстраваць свае найлепшыя дасягненні ў розных сферах. У берасцейцаў гэта выдатна атрымалася.

– Ад многіх наведвальнікаў маскоўскай выставы пачула прызнанні ў любві да Беларусі, да нашага Прэзідэнта, да беларускага хлебасольнага народа. Яны расказвалі, што бывалі ў Дудутках пад Мінскам, у Брэсцкай крэпасці. А нам хацелася б, каб яны даведаліся пра іншыя славутыя месцы Брэстчыны: напрыклад, пра Белавежскую пушчу, Косаўскі замак, або Палац Пуслоўскіх, пра нашы цудоўныя санаторыі, – кажа Ірына Міхайлаўна.

Народны майстар па саломапляценні адчувала вялікую адказнасць і хваляванне за сваю місію – годна прадставіць не толькі Жабінкаўшчыну, але і Брэстчыну. Загадзя прадумала кожную дэталь сваёй экспазіцыі, спынілася на каляднай тэматыцы. Ірына Коваль даўно заўважыла: беларусам больш падабаюцца саламяныя сэрцайкі, званочкі, козачкі, конікі, а расіянам – дэкаратыўныя лапці, лялькі, вянкі, абручы, дыванкі, мяцёлкі.

– Акрамя выставачных саламяных экспанатаў, я прывезла шмат сувеніраў на продаж, – распавядае Ірына Міхайлаўна. – Без перабольшвання магу сказаць, што беларуская саломка паланіла расіян: мае вырабы разыходзіліся, як гарачыя піражкі.

Яшчэ адным прыемным момантам для Ірыны Коваль была сустрэча з жыхарамі Задонска – нашага горада-пабраціма. Калі яны даведаліся, што майстар прыехала з Жабінкі, перадалі прывітанне жабінкаўцам.

Нашу гераіню ўразілі і экспазіцыі расіян. Асабліва 89 ёлак, упрыгожаных сімваламі расійскіх рэгіёнаў. Гэтыя выставачныя зоны Ірына Міхайлаўна назвала астраўкамі душы, ад якіх немагчыма было адарвацца. Берасцейцы таксама стварылі свой падобны астравок. Пра тое з задавальненнем гаворыць Ірына Коваль:

– Самабытным майстрам і артыстам, якія прадстаўлялі Берасцейшчыну пасля нас, у наступныя тыдні, мабыць, было лягчэй. Але затое мы патрапілі на самыя “вяршкі” выставы, пратапталі сцяжынку для калег-беларусаў. Уражанні не перадаць словамі! Вялікі дзякуй арганізатарам за магчымасць прыняць удзел у такім шыкоўным мерапрыемстве.

Наталля ВАЛОШКА
Фота з архіва Ірыны Коваль

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі