ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ЖАБІНКАЎСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

ДЫРЭКТАР ЖАБІНКАЎСКАЙ ЖКГ: «ЛЮБЛЮ НАШ ГОРОД-СПАДАРОЖНІК»

14/01/2024 11:55

 Каб Жабінку любіць, па-першае, патрэбна ў ёй нарадзіцца, а потым яшчэ і прысвяціць жыццё і працу гэтаму ўтульнаму, па-сапраўднаму роднаму гораду. Так і адбылося ў біяграфіі дырэктара Жабінкаўскай ЖКГ Мікалая Галавейкі.

Адразу пасля школы ён паступіў у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, дзе атрымаў дыплом гісторыка. Вядома, былых гісторыкаў не бывае, тым больш у 2009-2011 гадах універсітэцкія веды вельмі спатрэбіліся, калі Мікалай Віктаравіч стаў вядучым метадыстам па ахове помнікаў аддзела культуры райвыканкама. Ужо тады ён адчуў: наша спадчына патрабуе абароны і рабіў усё магчымае, каб памяткі мінулых часоў на Жабінкаўшчыне радавалі землякоў і шматлікіх гасцей раёна.

Наступным важным крокам у біяграфіі Мікалая Галавейкі была праца ў Дэпартаменце аховы, дзе ён даслужыўся да адказнай пасады начальніка ўчастка вартавой аховы.

Увогуле, што заўсёды вызначала Мікалая Віктаравіча, гэта адказнае стаўленне да спраў, якімі ён займаецца, а яшчэ – прага папаўняць веды. Нездарма на базе вышэйшай адукацыі наш герой адвучыўся таксама ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ў галіне тэхналогій, інфарматызацыі і кіравання БДУ, а пазней яшчэ скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі па спецыяльнасці “Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне”.

Гэтыя веды надзвычай спатрэбіліся, калі вясной 2019 года Мікалай Віктаравіч узначаліў Жабінкаўскі сельскі выканаўчы камітэт. Спраў у старшыні заўсёды вельмі шмат, і ўсе яны непасрэдна звязаны з вясковымі людзьмі, іх праблемамі і пажаданнямі. Кожны ведае: Жабінкаўскі сельсавет – у самым “сэрцы” аднайменнага раёна, а таму заўсёды навідавоку. Сваім клопатам даводзілася атуляць жыхароў аграгарадка Вялікія Якаўчыцы і 12 вёсак (а гэта амаль тысяча чалавек), супрацоўнічаць з ААТ “Жабінкаўскі” і фермерскімі гаспадаркамі, чые ўгоддзі месцяцца на тэрыторыі сельсавета, Залуззеўскім Домам народнай творчасці і Якаўчыцкім сельскім клубам, сярэдняй школай і дзіцячым садам у аграгарадку, фельчарска-акушэрскімі пунктамі ў Залуззі, Пшанаях і Якаўчыцах. Пра добрыя справы, ініцыяваныя кіраўніком Жабінкаўскага сельвыканкама, дасюль памятаюць вяскоўцы. Мабыць, найбольш яркім момантам сталі раённыя “Дажынкі-2019”. Тая субота 24 жніўня прыгожай старонкай увайшла ў доўгую, амаль 500-гадовую гісторыю Вялікіх Якаўчыцаў. У гэты дзень адзін з найстарэйшых населеных пунктаў краю годна вітаў гасцей галоўнага земляробчага свята. З пашанаю гучалі імёны жабінкаўцаў, што прысвяцілі справы сваіх рук хлебу, зрабіўшы шмат, каб важкім стаў духмяны дажыначны каравай. А яшчэ у той жа дзень у Якаўчыцы прышоў доўгачаканы газ, і цяпер жыхары аграгарадка, быццам сапраўдныя гараджане, могуць сагрэцца ды паснедаць-паабедаць з дапамогай блакітнага паліва. Зусім нездарма крыху пазней Жабінкаўскі прызнаваўся найлепшым сярод сельсаветаў у справе навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў.

Гаспадарлівасць Мікалая Галавейкі не магла застацца незаўважанай. І вось у верасні мінулага года Мікалай Віктаравіч узначаліў камунальнае ўнітарнае шматгаліновае вытворчае прадпрыемства  жыллёва-камунальнай гаспадаркі “Жабінкаўская ЖКГ”.

Тое, у якой прыгажосці Жабінка сустрэла Новы 2024 год, бясспрэчна, ёсць вялікая заслуга нашых камунальнікаў і непасрэдна іх новага дырэктара. Яны любяць Жабінку, робяць для нас свята, і мы ім пажадаем святочнага настрою ў адказ.

Анатоль БЕНЗЯРУК.

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі